Традыцыя правядзення беларускіх народных свят у нашым дзіцячым садку існуе даўно. На працягу многіх гадоў выхаванцы прымаюць удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных беларускім народным святам. Прычым свята Каляды – адно з самых любімых як у дзяцей, так і ў дарослых. У гэтым годзе вырашылі не адступаць ад традыцыі і разам з выхавальнікамі і дзецьмі падрыхтавалі фальклорнае свята “Запрашаем на беларускія калядкі”. На працягу свята ў музычную залу ўваходзілі калядоўшчыкі: Зорканоша, Каза, Мядзведзь. Усе яны стваралі асаблівы святочны настрой і напаўнялі нашу “Каляду” казачнай атмасферай. Дзеці актыўна прымалі ўдзел у свяце: спявалі калядкі, танцавалі, удзельнічалі ў гульнях. Свята не толькі прынесла радасць нашым выхаванцам, але і дало ім магчымасць дакрануцца да традыцый і звычаяў беларускага народа, самім адчуць усю красу народных святаў і гулянняў.
Правядзенне мерапрыемстваў па матывах народных свят мае не толькі культурнае і эстэтычнае, але і велізарнае выхаваўчае значэнне. У нашай дашкольнай установе, вялікая ўвага надаецца фарміраванню ў дзяцей нацыянальнай самасвядомасці, гонару за свой народ і краіну. Патрыятычнае выхаванне ў нас прысутнічае ва ўсіх відах дзейнасці. Кожны чацвер у садку праходзіць дзень беларускай мовы, калі педагогі паміж сабой і з дзецьмі размаўляюць толькі на роднай мове. А фальклорныя святы далучаюць дзяцей да беларускай культуры і традыцый.